У Вас в браузере отключен JavaScript. Пожалуйста включите JavaScript для комфортного просмотра сайтов.

Переключиться на мобильную версию.
Новости
Видеопродукция
Книги
Афиша
Жалобы
Архив Объявления Акции Работа
Презентация
Архив газет
О нас

05.01.2018 СВАЁ наРОДНАЕ: як святкавалі Каляды раней?

СВАЁ наРОДНАЕ: як святкавалі Каляды раней?

Зімовае сонцастаянне, Каляды, Вадохрышча служылі арыенцірамі пачатку новага года. Пра беларускую абраднасць і змешваннне традыцый у сучаснай культуры распавёў загадчык філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі Пятро Цалка.

У асобных рэгіёнах святочны час беларусы называлі «крывымі вечарамі». У жыцці людзей усё станавілася «крывым» і «няправільным». Чалавеку дазвалялася прытрымлівацца сваіх капрызаў, весці сябе «нетыпова» і галоўнае – адпачываць. Любая праца ў гэты перыяд забаранялася, прыносіла бяду. Непрыемнасці абяцаў нават гузік. Прышытая зашпілька прыводзіла да нараджэння жывёлы або дзіцяці з адхіленнямі – «прылепленым» да скуры вухам ці пальцамі, якія зрасліся. Але часам папраўка адзення была неабходнасцю, і тады гузік адрывалі і прышывалі нанова.

Падчас святаў не пралі і не ткалі. Людзі разбіралі станкі і кросны, выносілі іх з дому і пачыналі падрыхтоўку да святкавання. Масавыя ігрышчы звычайна ладзіла моладзь. У сучаснай культуры многае аб’ядналася, стала адным цэлым. Сёння калядоўшчыкі навыварат апранаюць футра, бяруць з сабой і зорку, і казу, і мядзведзя. Традыцыя ж такога не дапускала і размяжоўвала атрыбутыку.

Віфлеемская зорка лічылася сімвалам Каляд, і ў традыцыйнай культуры была пяціканцовай. Паводле легенды, яркая ўспышка на небе стала знакам нараджэння немаўля. Дзякуючы гэтаму сімвалу вешчуны адшукалі пячору і пакланіліся будучаму Усявышняму. Не выпадкова песні з сюжэтамі пра Рахілю, цара Ірада, Багародзіцу і самога Хрыста распаўсюджаны ў каляднай абраднасці.

На шчодры спявалі больш архаічныя песні, паганскія. Класічнымі вобразамі тут былі каза і мядзведзь. Каза ўвасабляла старажытны культ смерці і адраджэння, а мядзведзь – абярэг роду. Людзі казалі: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць», «Дзе каза нагой, там жыта капой». Лічылася, што каза прыносіць у дом пладавітасць і шчасце, але для гэтага варта было нечым ахвяраваць. І беларусы выконвалі гэты абрад амаль у прамым сэнсе. Пакуль каза – стары год, «памірала», гаспадары збіралі для калядоўшчыкаў каўбасы, сала, прысмакі. Тады чалавек у вобразе казы ажываў, і яго выганялі ў гарод. Старыя фальклорныя запісы тлумачаць: пладавітасць і багацце павінны быць не толькі ў хаце, але і звонку, на зямлі. Вобраз жа мядзведзя прадугледжваў жартоўнае дзейства. Жывёла «скончыла смаргонскую акадэмію» і магла паказаць, «як жанчына ваду носіць і цеста месіць», а «мужчына вяртаецца дадому з карчмы да сварлівай жонкі».

Група калядоўшчыкаў успрымалася як людзі, якія прыйшлі з іншасвету. Нярэдка беларусы пераапраналіся ў цыган, але не ў сучасным разуменні гэтага народа. Цыганы «прыходзілі невядома адкуль і невядома дзе апынуцца ў выніку». У позняй традыцыі да людзей, якія знаходзяцца па-за соцыумам, адносілі папа з кадзілам. Па аналогіі з традыцыйнай культурай, сучаснасць выбудоўвае свае вобразы. Сярод іх – лекары, якія надзяляюцца «звышнатуральнай» функцыяй пазбаўляць людзей ад хвароб, падаткавікі і іншыя.

Асноўны складнік «крывых вечароў» – варажба. Беларусы зазіралі ў будучыню праз надвор’е. Завіруха і груды снега абяцалі шмат белых грыбоў у лесе, чорная зямля – ​​чарніцы, а зоркі на небе – налітыя збожжам каласы. Маладыя дзяўчаты перакідвалі туфлі праз вароты: куды гляне іх нос – туды і замуж пойдзе. Любілі кідаць камяні ў калодзеж і слухаць: калі ўпаў павольна – свякроў будзе маўклівая. На злосную «маці» пакажа грукат і звонкія ўдары камення аб сценкі. Улюбёны занятак у дзяўчат – выкрадаць першы блін з патэльні. Моладзь хавала «салодкі круг» пад руку і галопам бегла да вокнаў суседзяў. Стаіўшыся, дзяўчыны падслухоўвалі чужую гаворку: сказалі «не ісці» – вяселля не згуляць, пачулі «выйдзі», «вазьмі» – к жаніху. Спакою на душы не было і ўначы. Перад сном доўгія косы «ўціхамірваліся» грабеньчыкам, які пасля клалі пад падушку. А ўслых прамаўлялі: «Дай, Божа, знаць, з кім век векаваць», і чакалі ў сне таго, хто наканаваны лёсам. Гэтый жа грабеньчык клалі на шклянку з вадой, ставілі пад ложак і чакалі падобных вынікаў: хто пяройдзе з дзяўчынай праз мост – за таго і выйдзе замуж.

Актуальнай і сёння застаецца святочная вячэра. Архаічнай стравай была куцця – каша з суцэльных зерняў пшаніцы або іншай зёлкавай культуры. Напярэдадні шчодраў яе называлі «галоднай», у Васільеў дзень (14 студзеня) – «багатай», а перад Вадохрышчам (19 студзеня) – «беднай». За святочным сталом збіралася ўся сям’я. У беларусаў было прынята ведаць род да сёмага калена і ўшаноўваць продкаў. На тэрыторыі Палесся паспытаць кашы клікалі мароз. Гаспадар падносіў выпечку да акна і прамаўляў: «Мароз-мароз, ідзе куццю ёсці. Не прыходзь да нас летам, а то будзем біць жалезнымі пугамі». Усяго на стол выстаўлялі 12 страў. Багаты стол – багатае поле.


Настасся КАНАВАЛЕНКА

Фота Павла БУЛАНАВА

 

При копировании материалов ссылка на сайт обязательна.
Просмотров: 1031

Комментарии