У Вас в браузере отключен JavaScript. Пожалуйста включите JavaScript для комфортного просмотра сайтов.

Переключиться на мобильную версию.
Новости
Видеопродукция
Книги
Афиша
Жалобы
Архив Объявления Акции Работа
Презентация
Архив газет
О нас

20.09.2017 Культ вады ў народнай традыцыі беларусаў

Культ вады ў народнай традыцыі беларусаў

У беларускай культуры народ вылучаў чатыры асноўныя культы: вады, зямлі, расліннасці і сонца. У адзінае цэлае гэтыя культы аб’яднала водная стыхія, якая межавала з кожным з іх. Аб значэнні вады ў традыцыі беларусаў распавёў загадчык філіяла Веткаўскага музея ў Гомелі Пятро Цалка.

Рака, мора і акіян пачынаюцца з маленькага ручая, які б’е з-пад зямлі ў вёсках. Беларусы лічылі так, верылі ў гэта і стваралі адпаведныя магічныя формулы. Людзі заўважалі і немагчымасць існавання без вады раслін і зямлі, якая дае ўраджай. У адзінае цэлае народ аб'яднаў і сімвалы сонца і вады. Супрацьлеглыя на першы погляд культы падчас абрадаў і магічных рытуалаў традыцыйна «бралі шлюб». Сонца падчас дажджу адбівалася ў кроплях вады, на святы «купалася» ў рэках і азёрах.

«Водныя» сімвалы выкарыстала народная традыцыя розных перыядаў. Архаічныя прыклады арнаментаў на кераміцы датуюцца IV тысячагоддзем да нашай эры. З тых часоў народная традыцыя не змянілася: падобныя знакі сустракаюцца і на сучасных вырабах. Арнаментам ўпрыгожвалі і абрадавы, і бытавы посуд. Хвалістая лінія па верхнім краі керамічнага вырабу лічылася асноўным элементам. Узор аберагаў складзеныя ў талерку прадукты ці абрадавыя рэчы.

«Крывулю» на свежую гліну наносілі жаночымі грабеньчыкамі, і гэта не выпадкова. Валасы жанчыны струменяцца, як хвалі, і іх расчэсванне прыраўноўвалася да «ўтаймавання» вады.

У ганчарным мастацтве край посуду называюць паяском. У традыцыйнай культуры беларусаў пояс таксама мае функцыю мяжы. Архаічны светапогляд звязвае паняцце мяжы са светам жывых і мёртвых, і вытрымаць яе было важнай задачай. Кручаныя паясы не сплецены і не звязаныя, і калі прыгледзецца да руху ніткі, то яна будзе крывой. Такое зігзагападобнае размяшчэнне нітак ахоўвала зону дзетароднасці жанчыны. З «крывым» узорам былі рукавы і падол нацыянальнага строю. На межах адзення беларусы ткалі не толькі лініі, але і «кучаравыя» ўзоры. Адзін з іх — галіны вінаграду.

«Рушнікі» часта ўпрыгожваліся вышытымі жабкамі. Земнаводных размяшчалі з аднаго краю і закрывалі ўзор з іншага. Жабкі як бы абмывалі інфармацыю, якую хаваў арнамент, чыстай вадой. А варта было візуальна аб'яднаць узор па крузе, як атрымліваўся гаршчок з паяском. Традыцый з удзелам вады ці жаб ў беларускай культуры шмат. Рытуальнае забойства жабкі дапамагала народу выклікаць дождж. Жанчыны даручалі гэта адказнае заданне дзецям, удовам або незамужнім дзяўчатам. І тыя, і іншыя лічыліся чыстымі, святымі. Забітую жабку клалі ў скрынку і праносілі праз усю вёску з гучным плачам, як па памерлым. Земнаводнае закопвалі на скрыжаванні дарог, насыпалі зверху магілку і ставілі крыж. Пад час фальклорных экспедыцый пыталіся: «І што, дождж сапраўды ішоў?». На гэта людзі ўпэўнена адказвалі: «Вядома! Дадому вернешся, і дождж адразу застане». На станоўчы вынік абраду з аднаго боку ўплывала вера, з другога — сіла думкі і рытуальных дзеянняў, якія супадалі з рэальнасцю.

Каб выклікаць дождж летам, людзі ішлі на раку і спявалі «шчодры» — калядныя песні. У абрадавых сітуацыях з'яўлялася вертыкаль вады-ракі і вады-неба, якія часта мяняліся месцамі.

Напрыклад, жанчыны маглі араць дно ракі трыма крыжамі. Абрад выконваўся раніцай ўдовамі. Некаторыя ўдакладняюць: у статусе ўдавы жанчына павінна прабыць не менш за 30 гадоў, каб лічыцца чыстай. «Расчэсваючы» раку, жанчыны аралі неба, і з яго ліўся дождж.

Месцам яднання з Богам і нябёсамі служылі крыніцы. Лічылася, што воды крыніц дастаюць да іншасвету, таму на іх ставілі крыжы. Існавала цікавае павер'е аб ластаўках. Калі птушкі ляцяць на зімоўку, яны ныраюць у калодзеж і вынырваюць ў Раі.

Часта з вадой дзяліліся трывогамі і бедамі. Для гэтага падыходзілі да ракі і выгаворваліся, але не магічнымі формамі, а звычайнай інфармацыяй. Пасля такой сяброўскай гутаркі ўсё дрэннае выцякае разам з вадой.

Водныя арнаменты на вопратцы служылі спосабам прачытання сімвалічных замоў, вобразнай перадачай ведаў продкам да існавання тэкстаў. Толькі калі чалавек традыцыі разумеў усё і так, то сучаснікам даводзіцца расшыфроўваць народныя коды.

 

 Настасся КАНАВАЛЕНКА

Фота Анастасіі КАНЦАВЕНКА

При копировании материалов ссылка на сайт обязательна.
Просмотров: 2992

Комментарии